Манастырскія бібліятэкі старыжытнай Беларусі

  Найважнейшымі перадумовамі стварэння першых бібліятэк на Беларусі з'явілася распаўсюджванне рукапісных кніг. Патрэбнасць грамадства ў ведах бесперапынна ўзрастала, гэта стымулявала збіранне, назапашванне і захоўванне кніг і іншых помнікаў пісьменства.

  У заходніх землях Русі бібліятэкі былі, як і ва ўсёй старажытнарускай дзяржаве, манаполіяй царквы і ўзнікалі пры праваслаўных манастырах.

  Асноўнай крыніцай папаўнення фондаў манастырскіх бібліятэк была перапіска рукапісных кніг, нярэдка запазычаных з іншых манастыроў. Нязначная частка кніг паступіла ў манастырскія бібліятэкі з ахвяраванняў духоўных асоб, феадалаў, мяшчан.

  Кніжныя фонды манастырскіх бібліятэк Беларусі шмат у чым былі ідэнтычныя фондам такіх жа бібліятэк у Расіі, але ім былі ўласцівыя і свае асаблівасці, абумоўленыя нацыянальна-гістарычнымі ўмовамі развіцця беларускіх зямель. Аснову фонду складалі рэлігійныя кнігі, якія выкарыстоўваліся падчас царкоўных набажэнстваў. Такія кнігі меліся ў некалькіх экземплярах, часам нават у вялікай колькасці. Адзінкавымі экземлярамі былі прадстаўлены "творы святых айцоў", жыццяапісанні вышэйшага духавенства. Значнае месца займала і гістарычная літаратура – заснаваныя на мясцовым матэрыяле летапісы, хронікі, памінальнікі (сінодыкі). Важнае месца ў фондах займала палемічная літаратура, накіраваная на засцярогу ад каталіцтва і на абарону праваслаўнай царквы. Кнігамі карысталіся ў асноўным манахі і вышэйшае духавенства манастыра.

  Росту кніжных фондаў манастырскіх бібліятэк у значнай ступені садзейнічала развіццё кнігадрукавання і заснаванне друкарняў. Гэта спрыяла папаўненню фондаў бібліятэк свецкай літаратурай, дазволенай царквой.

  Першай з вядомых нам бібліятэк на тэрыторыі заходніх зямель Русі была бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора. Да 80-х гадоў XVI стагоддзя яна заставалася адной з найбольш значных на Беларусі. Пра лёс дадзенай бібліятэкі доўгі час нічога не было вядома. Толькі ў 1967 годзе ў Варшаве быў апублікаваны інвентар рукапісаў бібліятэкі ардынацыі Замойскай, якая захоўваецца ў Варшаўскай нацыянальнай бібліятэцы. Сярод 18 напісаных кірыліцай рукапісаў выяўленыя і тыя, што належалі бібліятэцы Полацкага Сафійскага сабора. Сярод іх Пскоўскі летапіс, што быў узяты з сабора 30 жніўня 1579 года, адразу пасля яго захопу польскімі войскамі, і перададзены канцлеру Замойскаму.

  У XI–XIII стагоддзях бібліятэкі існавалі ў Турава-Пінскім княстве, а таксама ў Менскім, Гародзенскім. У бібліятэцы пры Праабражэнскай царкве ў Тураве захоўвалася славутае Тураўскае евангелле XI стагоддзя, якое з'яўляецца самай ранняй рукапіснай кнігай на Беларусі. Рукапісных царкоўных кніг XI-XIII стагоддзяў захавалася няшмат. Ёсць звесткі аб існаванні Полацкага летапісу, страчанага ў XVIII ст.

  Невялікія бібліятэкі былі створаны пры Дабравешчанскай царкве ў Віцебску, Барысаглебскай Каложскай царкве ў Гародне (Гродна). Назву «Каложская» гэты храм атрымаў ад назвы прыгарада Пскова Каложа, жыхары якога былі захоплены ў палон Вітаўтам у 1405 годзе і паселены бліз царквы. Царкву заклаў на тэрыторыі аднаго з гародзенскіх пасадаў у пачатку 80-х гадоў XII стагоддзя гродзенскі князь Мсціслаў Усеваладавіч у гонар святых заступнікаў, памерлых братоў Барыса і Глеба.

  Звесткі аб многіх іншых царкоўных бібліятэках не захаваліся, але наяўнасць іх бясспрэчна.

  У XIV–XVI стагоддзях кніжная пісьменнасць Беларусі характарызавалася высокім для таго часу ўзроўнем развіцця. Гэта не магло не адбіцца на развіцці бібліятэк.

  Буйнейшай манастырскай бібліятэкай таго часу была бібліятэка Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра, які быў заснаваны ў 1498 годзе маршалкам ВКЛ Аляксандрам Іванавічам Хадкевічам сумесна з епіскапам смаленскім (пазней кіеўскім мітрапалітам) Іосіфам Солтанам у Блудаўскай пушчы (цяпер Беластоцкае ваяводства ў Польшчы). У 1-й палове XVI стагоддзя манастыр стаў буйнейшым праваслаўным культурным цэнтрам. Ужо на самым пачатку існавання манастыра было набыта больш за 100 рукапісных кніг. Да 1532 года ў бібліятэцы налічвалася 129 кніг, 5 з іх друкаваныя.

  Другой вялікай бібліятэкай на Беларусі была бібліятэка Жыровіцкага манастыра. Гэтая бібліятэка была заснавана праваслаўнымі магнатамі Солтанамі ў XIV стагоддзі і пазней ахвяравана Жыровіцкаму манастыру.

  Найбольш буйнымі ў гэты перыяд былі і бібліятэкі Слуцкага Траецкага, Віцебскага Маркава манастыроў. Дадзеныя пра іх дайшлі да нашых дзён з вопісаў маёмасці манастыроў, якія ўключалі і спісы кніг.

  Самы ранні з вядомых вопісаў не толькі Беларусі, але і Расіі, гэта "Вопіс Слуцкага Траецкага манастыра архімандрыта Іосіфа, нарачонага епіскапа Смаленскага, пры здачы яго маёмасці" адносіцца да 1494 года. У вопісе адзначаны 45 рукапісаў манастырскай бібліятэкі. Вядомы таксама вопіс Супрасльскага манастыра, складзены ігуменам Сергіем Кімбарам у 1557 годзе, па якім у бібліятэцы налічвалася 209 кніг, у тым ліку на грэцкай і лацінскай мовах. "Рэестр спісання рускіх кніг у скарбніцу манастыра Супрасльскага" 1645 года можна лічыць спецыяльным бібліяграфічным спісам. Вопісы маёмасці Віцебскага Маркава і некаторых іншых манастыроў адносяцца да больш позняга часу. У іх пераважалі спіскі друкаваных кніг з больш поўным апісаннем (указаннем фармату, месца і года выдання, мовы) і больш сціплай характарыстыкай афармлення ("у скураным пераплёце", "у пергаменным пераплёце", "у папяровым пераплёце "). Значная частка кніг, якая належала названым манастырам, захоўваецца сёння ў фондах бібліятэкі АН Літвы і ў Вільнюскай публічнай бібліятэцы. Так, у "Апісанні рукапісаў Віленскай публічнай бібліятэкі" гісторыка Ф. Дарбранскага пазначаны першапачатковыя месцы іх захоўвання.

  Узнікненне на пачатку XVI стагоддзя кнігадрукавання паскарала выданне, распаўсюджванне кніг на роднай мове, што садзейнічалі далейшаму развіццю беларускай культуры.

  Кнігавыдавецкая дзейнасць Ф. Скарыны азначала сабой пачатак новага этапу ў культурным жыцці беларускага народа. Дзякуючы ёй, Скарына вылучыўся ў лік родапачынальнікаў рэфармацыйнага руху на Беларусі.

  Сваёй кнігадрукарскай дзейнасцю Ф. Скарына пазбавіў царкву манапольнага права на распаўсюджванне кніг. Ён дэмакратызаваў друкаваную кнігу, выкарыстаўшы ў ёй жывую размоўную мову беларускага народа. Кнігі Ф. Скарыны набываліся манастырскімі бібліятэкамі, прыватнымі бібліятэкамі феадалаў і духоўных асоб, а таксама простымі жыхарамі.